Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Традыцыйна-побытавая культура"

Калекцыя ўключае вялікую колькасць побытавых рэчаў канца ХІХ – пачатку ХХ ст., калі дрэваапрацоўка займала адно з вядучых месцаў сярод народных рамёстваў і промыслаў Беларусі. Шырока былі развіты сталярнае, такарнае і іншыя дрэваапрацоўчыя рамёствы, якія задавальнялі звычайныя гаспадарчыя патрэбы насельніцтва.

Сярод побытавых рэчаў вылучаюцца ўтылітарна-дэкаратыўныя прадметы: каўшы, прасніцы, элементы хатняга дэкору, упрыгожаныя разьбой па дрэве згодна са старажытнымі традыцыямі гэтага віду народнага мастацтва. Вырабы з дрэва перадаюць натуральную прыгажосць матэрыялу, маюць простыя, нярэдка архаічныя канструкцыйныя формы.

Рэчы з такіх танных шырокадаступных матэрыялаў, як салома, лаза, луб, бяроста, корань, чарот выкарыстоўваліся для розных бытавых прадметаў утылітарнага і ўтылітарна-дэкаратыўнага прызначэння. Плеценыя вырабы дэманструюць разнастайнасць форм, багацце тэхнічных прыёмаў, высокі мастацкі ўзровень.

Першы прадмет, які паступіў у калекцыю "Традыцыйна-побытавая этнаграфія", – кросны, запісаныя ў Кнізе паступленняў пад №1. Дадзены прадмет паступіў у фонды ў 1957 г. з экспедыцыі супрацоўнікаў музея ў Краснаслабодскі раён Мінскай вобласці і Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці.