Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Фалерыстыка"

Калекцыя налічвае звыш за 15 тыс. адзінак і ўключае ордэны, медалі, знакі, жэтоны. Пачатак фарміравання калекцыі адносіцца да 1960-х гг.

Найбольш каштоўную частку калекцыі фалерыстыкі складаюць ордэны і медалі. Гэта наградныя медалі Расійскай імперыі канца ХVІІІ – пачатку ХХ ст., памятныя медалі ў гонар ваенных перамог Расіі, юбілейныя медалі, медалі суполак (паляўнічых, рыбаловаў і інш.).

Да рэдкіх музейных прадметаў адносяцца зоркі і знакі ордэнаў Расіі канца ХVІІІ – пачатку ХХ ст.: зорка ордэна Андрэя Першазванага (пачатак ХІХ ст.), знак (крыж) ордэна св.Георгія ІV ступені (пачатак ХІХ ст.), знак ордэна св.Ганны ІV ступені (пачатак ХІХ ст.), знак ордэна св.Уладзіміра ІV ступені (пачатак ХІХ ст.), а таксама знак ордэна св.Станіслава (пачатак ХІХ ст.).

У калекцыі прадстаўлена партрэтная серыя рускіх князёў і цароў (1870-я гг.), якая ўключае памятныя медалі, прысвечаныя князям Рурыку, Алегу, Яраполку, Уладзіміру Святаславічу, Яраславу Мудраму, Усеваладу Яраславічу і іншым, а таксама царам Пятру І, Ганне Іаанаўне, Лізавеце Пятроўне, Пятру ІІІ, Кацярыне ІІ, Аляксандру І, Мікалаю І, Аляксандру ІІ.

Вялікую каштоўнасць мае серыя масонскіх знакаў рытуальнага прызначэння.